16.12.2020
Новы год на парозе: што рыхтуюць установы культуры Бераставіччыны?
Запрашае рэзiдэнцыя Бераст-Зюзi i Спадарынi Завiрухi
Рэзiдэнцыя Бераст-Зюзi i Спадарынi Завiрухi 18 снежня расчыніць свае
дзверы для юных бераставічан, якія з нецярпеннем чакаюць навагодніх і
калядных святаў, захапляльных сустрэч з міфічнымі казачнымі персанажамі.
Падрыхтаваная
работнікамі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай
творчасці анімацыйная праграма “Чароўнае люстэрка, ці Неверагодныя
прыгоды з Зюзяй” будзе праводзіцца для арганізаваных груп па папярэдніх
заяўках.
Дзяцей чакаюць забавы ў незвычайным фармаце з гаспадарамі
сядзібы, квэст-гульня, вясёлыя конкурсы, майстар-класы, салодкія
пачастункі і, канешне ж, навагодняя атмасфера і святочны настрой.
У музейным пакоі рэзідэнцыі размесціцца экспазіцыя раённай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнай творчасці «Самаробны цуд».
Рэзідэнцыя Бераст-Зюзі будзе прымаць юных гасцей па 16 студзеня.
Віншаванне ад Дзеда Мароза
У Бераставіцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці
традыцыйна на платнай аснове бацькі могуць заказаць на дом візіт і
віншаванне Дзеда Мароза і Снягуркі. Праўда, з-за каронавіруса
рэкамендавана арганізаваць такую святочную сустрэчу па-за кватэрай на
свежым паветры. Званіце па тэл. 2-20-03.
Выстава-продаж “Навагодні сувенір-2021”
У Доме рамёстваў распачала работу традыцыйная навагодняя выстава-продаж самаробных вырабаў з прыроднага матэрыялу.
Сімвал года – бык, а таксама анёлкі, фігуркі жывёл, разнастайныя
падвескі і цацкі на ёлку, навагоднія магніцікі знайшлі сваё ўвасабленне ў
гліне, тэкстылі, саломцы. Кожны раз майстры Дома рамёстваў прыдумваюць
штосьці новае і цікавае. Дамавічкі, званочкі, ёлкі з саломкі, пернікавыя
домікі і імбірныя чалавечкі з гліны, кампазіцыі з шышак, ёлкі з моху,
драўляныя спілы з навагоднім малюнкам і іншыя ўпрыгожанні – усе вырабы
прыгожыя і паслужаць цудоўным арыгінальным падарункам на Новы год.
Выстава дзейнічае па адрасе: вул. Леніна, д. 6, у буднія дні – з 9 да 17 гадзін.
Майстар-класы ў музеі Вавёркі
Музей Вавёркі з 21 снежня распачынае індывідуальныя майстар-класы па
вырабу калядных цацак і ўпрыгожанняў. Навучыцца нескладаным прыёмам
работы з прыродным матэрыялам, самастойна зрабіць выраб ручной работы
навагодняй і каляднай тэматыкі можна будзе ў групах да трох чалавек на
працягу месяца.
На Ратушнай плошчы
28 снежня ў 11.00 на Ратушнай плошчы адбудзецца тэатралізаванае
прадстаўленне «Цуды пад Новы год» у рамках дабрачыннай акцыі «Нашы
дзеці».
31 снежня каля галоўнай ёлкі раёна адбудзецца традыцыйная шоу-праграма, прысвечаная сустрэчы Новага года.
Ліст да беларускага Дзеда Мароза карта-схема
Ліст да Дзеда Мароза – для дзіцяці абавязковы рытуал перад Новым
годам. Кожны можа напісаць ліст беларускаму Дзеду Марозу, у тым ліку і
электронны. Можна выкарыстаць гатовыя шаблоны з сайта нацыянальнага
парка “Белавежская пушча”, дзе размешчана рэзідэнцыя Дзеда Мароза, можна
напісаць ліст онлайн, а можна і самастойна на звычайнай паперы і ў
звычайным канверце. Ведаць трэба толькі паштовы адрас Дзеда Мароза:
Рэзідэнцыя Дзеда Мароза, 225063, аг. Камянюкі, Камянецкі раён, Брэсцкая
вобласць, Белавежская пушча, Беларусь.
Дарэчы, з беларускім Дзедам
Марозам можна пагутарыць праз скайп, паведамляе сайт «Белавежскай
Пушчы». Паслуга платная. Для гэтага трэба даслаць заяўку на электронную
пошту нацпарка, у якой неабходна ўказаць імя суразмоўцы, лагін у скайпе,
жаданую дату і час сувязі. У абраны вамі дзень Дзед Мароз патэлефануе
па скайпе. Таксама можна заказаць пераднавагодняе скайп-віншаванне ад
Дзеда Мароза.
У планах ўсё ж могуць адбыцца пэўныя карэкціроўкі. Сачыце за анонсамі.
Святлана Ганчарова, фота аўтара