03.08.2024
Пад покрывам вавёрчынага герба. У Вялікай Бераставіцы ўрачыста адкрыўся Бераст-Фэст
Сёння ў Вялікай Бераставіцы – даўгачаканая і яркая падзея летняга
сезону: тут праходзіць традыцыйнае брэндавае свята “Бераст-Фэст”.
Сёлета яно прысвечана прыгажуні-вавёрцы – сімвалу Вялікай Бераставіцы.
Вавёрка – гэта дзіўны і незвычайны звярок, які ўвасабляе не толькі
багацце навакольнай прыроды, але і нашу ўстойлівасць і ўменне знаходзіць
радасць у простых рэчах. Гэтак жа, як вавёрка збірае запасы,
бераставічане збіраюць і захоўваюць багацце нашай культуры, традыцыі і
каштоўнасці, перадаючы іх з пакалення ў пакаленне. Нездарма
Бераставіцкі раён з году ў год з’яўляецца лепшым з лепшых у сельскай
гаспадарцы. Гэта значыць, што тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй
справы.
І сёння яны – прадстаўнікі працоўных калектываў Бераставіччыны –
тэатралізаваным шэсцем «У каранях наша сіла» ў суправаджэнні духавога
аркестра прайшлі галоўнай вуліцай райцэнтра да летняга амфітэатра, дзе і
адбылося ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства.
Адкрыў фестываль гаспадар бераставіцкай зямлі, старшыня райвыканкама
Дзмітрый Кадргулаў, які павіншаваў прысутных са святам і пажадаў усім
добрага настрою і цудоўнага адпачынку.
Гаспадыня сённяшняга свята – Вавёрка – прапанавала Дмітрыю
Рафаэльевічу выбраць арэх з прадказаннем для Бераставіцкага раёна на
ўвесь будучы год. Раскалоўшы арэх, старшыня райвыканкама парадаваў
бераставічан тым, што наш раён чакае залаты, багаты і ўрадлівы год. А
фанфары і халодныя бенгальскія агні дадалі ўрачыстасці гэтаму моманту.
У гонар свята Дзмітрый Кадргулаў атрымаў ад вядучых мерапрыемства
торт, упрыгожаны межамі Бераставіцкага раёну, якія не маюць перашкод для
сяброўства, адзінства і росквіту.
Такі ж торт быў уручаны і старшыні Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў Паўлу Панкевічу.
Затым увазе прысутных былі прапанаваныя тэатралізаваныя блокі, у час
якіх жыхарам і гасцям Вялікай Бераставіцы нагадалі загадкавыя і прыгожыя
моманты з гістарычнага мінулага бераставіцкай зямлі. Артысты
прадставілі легенду пра Бераста і Тавіцу, што лічацца заснавальнікамі
нашага мястэчка, а таксама расказалі гісторыю з’яўлення герба Вялікай
Бераставіцы, які ўпрыгожвае вавёрка з залатой каронай.
Яшчэ адзін блок — «Вавёрчыны пацехі» – запрасіў бераставічан
атрымаць сапраўдную асалоду ад вавёрчыных забаў і далучыцца да
займальных конкурсаў і гульняў, якія з’яўляюцца векавой традыцыяй
нашага краю.
Не абышлося свята і без добрай песні – бераставіцкія артысты
парадавалі гледачоў цудоўнымі канцэртнымі нумарамі, якія ўзнялі настрой
усім прысутным.
https://www.beresta.by/pad-pokryvam-vavjorchynaga-gerba-u-vjalikaj-berastavicy-rachysta-adkry-sja-berast-fjest/
Больш фота ТУТ