24.01.2025
Падарылі часцінку дабрыні і цяпла. У Бераставіцкай райбібліятэцы адбыліся вячоркі
Бібліятэчныя вячоркі для старэйшага пакалення, прысвечаныя
святкаванню зімовых свят, адбыліся ў Бераставіцкай раённай бібліятэцы
імя В. М. Кавалеўскага.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі актывісты раённай арганізацыі
ветэранаў і члены раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае
таварыства інвалідаў».
Падчас вячорак госці даведаліся шмат карыснай інфармацыі пра калядныя
святы, пра тое, як іх святкавалі нашы продкі, пра старадаўнія традыцыі і
абрады.
Гучалі песні, вершы, прыказкі, былі праведзены гульні і конкурсы.
Прысутныя падзяліліся сваімі сямейнымі традыцыямі, распавялі пра тое, як
яны святкуюць гэтыя святы ў хаце. Святочная вечарына прайшла весела, а
галоўнае — душэўна і пазнавальна. За кубкам духмянай гарбаты госці
акунуліся ва ўспаміны, прыадчынілі заслону калядных варожб і прароцтваў.
Свята падарыла кожнаму ўдзельніку часцінку дабрыні і цяпла.
Пасля мерапрыемства пажылыя людзі адправіліся ў Бераставіцкі раённы
цэнтр культуры і народнай творчасці на прагляд стужкі “Культурны код”, а
потым – на ўчасткі для галасавання, каб зрабіць свой выбар.
Служба інфармацыі “БГ”