17.07.2022
Памяць жыве ў сэрцах нашчадкаў. У Вялікай Бераставіцы адзначылі дзень вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
16 ліпеня – асаблівая дата ў гісторыі Бераставіччыны. У гэты дзень у
1944 годзе пасля трох гадоў фашысцкай акупацыі на бераставіцкую зямлю
прыйшла доўгачаканая свабода. І хоць падзеі Вялікай Айчыннай вайны з
кожным годам усё далей ад нас, але памяць аб мужнасці і гераізме
воінаў-вызваліцеляў назаўсёды застанецца ў сэрцах удзячных нашчадкаў. І
праз 78 гадоў ад гэтай памятнай падзеі бераставічане па-ранейшаму
аддаюць даніну павагі тым, хто змагаўся і аддаў сваё жыццё за нашу
незалежнасць і мірнае жыццё. Вось і напярэдадні дня вызвалення раёна ад
нямецка-фашысцкіх захопнікаў прадстаўнікі працоўных калектываў раённага
цэнтра ўсклалі жывыя кветкі да помнікаў Воіну-вызваліцелю ў цэнтры
гарадскога пасёлка, Смуткуючай маці па вуліцы Леніна і да брацкай магілы
на вуліцы Чкалава.
Бераставічане памятаюць і ніколі не забудуць, якая страшная цана
заплачана за вызваленне нашай малой радзімы. У баях за вызваленне
Бераставічыны аддалі свае жыцці 857 салдат і афіцэраў, 818 жыхароў раёна
загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Ад рук нацыстаў загінулі
634 мірныя жыхары. Памяць аб іх подзвігу будзе заўсёды жыць у нашых
сэрцах.
Ірына Міклаш, фота аўтара, Дар’і Марцуль і Святланы Ганчаровай