07.01.2025
Пасланне да Нараджэння Хрыстовага архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным дзецям Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай Царквы
Пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры! Сардэчна віншую ўсіх вас з Нараджэннем Хрыстовым!
Хрыстос нарадзіўся — Бог уцяле́сніўся!
«Чым ноч цямней, тым я́сней зоры,
Чым большы сум, тым Бог бліжэй…»
Гэтыя паэтычныя радкі вельмі дакладна перадаюць адчуванне каляднага
цуду. Мы святкуем нараджэнне Збавіцеля ў адну з самых доўгіх начэй года —
але менавіта ў глыбокай цемры на неба ўзыходзіць Віфлеемская зорка!
«Хрыстос — Святло нязгаснае, Якое заўсёды ззяе, заўсёды грэе», —
сцвярджае блажэнны Аўгусцін. І вось Божы Логас, Святло, народжанае ад
Святла, сыходзіць у змрок, каб змрок больш не панаваў над чалавецтвам.
Сын Божы нараджаецца ў адказ на чаканні людзей быць бясконца
шчаслівымі і свабоднымі ад граху. Ён прыходзіць, каб узяць наш боль,
смутак, адчай, забраць гэта з Сабою і ўзнесці на Крыж. Бог становіцца
чалавекам, каб на Галгофе падзяліць з намі смерць, а ў таямніцы
Уваскрэсення падзяліць з намі вечнае жыццё!
Агонь прыйшоў Я звесці на зямлю, і як хачу Я, каб ён ужо загарэўся! (Лк. 12:49) — кажа Збавіцель Сваім вучням. Пасярод зімы Царква нагадвае нам пра Агонь, які сагравае сэрцы.
Святло ў цемры і Цеплыня падчас халадоў — вось што такое Нараджэнне
Хрыстова. Кожны хрысціянін заклікаецца да высокай місіі: быць крыніцай
святла і цяпла для бліжніх. Гэта гучыць проста, але ў жыцці любоў да
бліжніх — а не да абстрактных «далёкіх» — часта патрабуе вялікіх
намаганняў. І ўсё ж нам сказана, што Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, і тыя, што сілу ўжываюць, здабываюць яго (Мф. 11:12). Мудрацам з усходу не было лёгка ісці па пустыні за
мігатлівым промнем зоркі. Іх напэўна адольвалі сумневы ў правільнасці
абранага шляху, у сваіх ведах і сваёй веры. Але яны змаглі прайсці гэты
шлях да канца, а калі дасягнулі Віфлеема, ўзрадаваліся радасцю вельмі вялікаю (Мф. 2:10).
Евангеліст Матфей сведчыць, што ў дар Богадзіцяці мудрацы прынеслі
золата, ладан і смірну — скарбы старажытнага свету. Сустракаючыся з
Хрыстом у асобе тых, хто нас акружае, мы закліканы дарыць бліжняму тое,
што самі цэнім і чым даражым. Надышоў час адкрываць скарбніцы нашых
сэрцаў — і няхай там знойдзецца золата шчодрасці, ладан увагі, смірна
прабачэння нават для тых, хто зусім ад нас гэтага не чакае!
Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля ! (Лк. 2:14) — так ангельскае воінства абвясціла пастухам аб нараджэнні
Месіі. Нараджэнне Хрыстова — свята міру, і ў гэтыя дні па-сапраўднаму
палымянай павінна стаць наша малітва аб міры: міры ў сем’ях, міры ў
грамадстве, міры на нашай зямлі.
«Хрыстос злучыўся з чалавечым родам, не абраўшы ў ім толькі праведных
і толькі святых. Ён Сам, бо Яго спакушаў грэх, ведаў меру чалавечай
немачы і слабасці і, будучы падобным да чалавека ва ўсім, акрамя граху (пар.: Яўр. 4:15), Сваёй Божай любоўю ўсіх увасобіў у Сябе і ўсіх
адкупіў Сабою», — прапаведуе архімандрыт Іаан (Красцьянкін). На думку
гэтага старца ХХ стагоддзя, Хрыстова любоў робіць нас роднымі адзін
аднаму насуперак прасторы, часу і ўсім зямным падзелам.
Вось чаму я з адмысловым пачуццём кажу:
Хрыстос нарадзіўся — Бог уцяле́сніўся!
Са святам, родныя мае!
З любоўю і малітвай за вас Антоній, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі