09.06.2025
Песні спявалі, вяночкі завівалі. У аграгарадку Стары Дворац зладзілі традыцыйнае свята «Старадварэцкая Сёмуха гудзе на ўсю ваколіцу»
У аграгарадку Стары Дворац зладзілі традыцыйнае свята
«Старадварэцкая Сёмуха гудзе на ўсю ваколіцу», якое з’яўляецца сучасным
увасабленнем даўніх абрадаў нашых продкаў па ўшанаванню расліннасці –
носьбіту жыватворчай моцы зямлі і сонца. Сёмуха адзначаецца на
пяцідзесяты дзень пасля Вялікадня і сімвалізуе канец вясны і пачатак
лета.
Дакрануцца да традыцый
Вось ужо шаснаццаты год «Старадварэцкая Сёмуха» знаёміць вяскоўцаў і
гасцей аграгарадка з традыцыямі фальклорнага свята. Работнікі філіяла па
культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадка Стары Дворац пры падтрымцы
мясцовага сельгаспрадпрыемства – аграфірмы « Стары Дворац » РУП « Гроднаэнерга » праводзяць гэты прыгожы фэст, каб даць цудоўную магчымасць усім
жадаючым дакрануцца да традыцый продкаў, адчуць асалоду ад беларускай
песні і проста прыемна адпачыць.
Сёмуха − адно з самых любімых у народзе святаў, бо менавіта ў гэты
час наступае сапраўднае лета, з сонцам, цяплом, новымі спадзяваннямі, з
зелянінай, водарам свежага сена і недаспелага яшчэ жыта. У даўнія часы
людзі ўпрыгожвалі свае хаты і падворкі бярозавымі галінкамі, падлогу ў
хаце засцілалі свежым аерам. Зеляніну таксама асвячалі ў храмах. Часта
на Сёмуху спраўлялі вяселлі. У гэты дзень дзяўчаты варажылі: плялі
вянкі, «завівалі» іх на бярозах, спускалі па рацэ, вадзілі карагоды. А
яшчэ гэта свята, якое год ад году ўзнаўляла адвечнае жаданне хлебаробаў
мець добры плён ад урадлівай нівы і клопату сваіх рук.
«Куміліся» і «завівалі бярозкі»
«Зялёнымі святкамі» гэтыя дні нашы продкі ахрысцілі нездарма. Сёмуха
святкавалася тады, калі ўсё вакол было зялёным. З дапамогай юных
удзельнікаў фальклорнага аматарскага аб’яднання «Дударочкі» філіяла па
культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадка Стары Дворац самыя прыгожыя і
відовішчныя абрады «ваджэння куста», «завівання бярозак» і «кумавання»
ажылі на імправізаванай сцэне свята, упрыгожанай галінкамі бярозы. Сама
віноўніца ўрачыстасці – бяроза – была ўстаноўлена на ганаровым месцы ў
цэнтры адкрытай пляцоўкі.
Дзяўчаты ўпрыгожылі бярозку стужкамі, зладзілі карагод вакол яе і
загадалі жаданне. Госці свята з задавальненнем далучыліся да дзейства.
Не меньш цікавым быў і абрад «кумавання»: дзяўчаты абмяняліся вяночкамі, абяцаючы захоўваць сяброўства і добрыя адносіны.
Лілася народная песня
Традыцыйна на Сёмуху ў Стары Дворац з’язджаюцца фальклорныя калектывы
нашага і суседніх раёнаў. Сёлета сваёй творчасцю з мясцовымі жыхарамі
падзяліліся артысты народнага ансамбля народнай песні «Бераставіцкія
музыкі» Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці,
народнага ансамбля польскай песні «Стакроткі» філіяла па
культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадка Макараўцы і заслужаны калектыў
Рэспублікі Беларусь – народны ансамбль народнай песні «Бліскавіца»
філіяла «Гродзенскія электрычныя сеткі» РУП «Гроднаэнерга».
Яркія каларытныя выступленні калектываў упрыгожылі свята і падарылі ўсім пазітыўныя эмоцыі і ўзнёслы настрой.
На любы густ
Зарад бадзёрасці і пазітыўнага настрою самым маленькім гасцям свята
дадала забаўляльная гульнявая праграма, падрыхтаваная Вярэйкаўскім Домам
культуры. Цікавыя спаборніцтвы, рухомыя гульні і танцы не панікулі
нікога абыякавым.
Юных жыхароў аграгарадка было не адарваць і ад дзіцячых атракцыёнаў –
горкі, батута, катання на конях і іншых забаў. Працавалі гандлёвыя
кропкі, дзе можна было набыць папкорн, салодкую вату і напоі, а таксама
розныя цацкі.
Аднак галоўным сюрпрызам для маленькіх гасцей мерапрыемства стаў
водны фантан, які падрыхтавалі супрацоўнікі Бераставіцкага РАНС. Зарад
бадзёрасці і весялосці атрымаў кожны.
На свяце Сёмухі можна было набыць і сувеніры ручной работы ад
майстроў-рамеснікаў. Увазе вяскоўцаў была прадстаўлена выстава-продаж
вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці Бераставіцкага Дома рамёстваў, а
таксама рамесніка Алены Яўсеевай. Дзейнічала бяспройгрышная латарэя.
Не абышлося і без візітоўкі «Старадварэцкай Сёмухі» – частавання
традыцыйнымі стравамі – кашай, яечняй «па-старадварэцку», духмяным
печывам, гарбатай і, нават, ухой. Тут яны асабліва смачныя, проста
пальчыкі абліжаш!
Свята атрымалася на славу. Сапраўды, «Старадварэцкая Сёмуха» гудзела
на ўсю ваколіцу. Яркія ўражанні і радасныя эмоцыі яшчэ доўгі час будуць
саграваць сэрцы дзяцей і дарослых, якія ў гэты дзень змаглі стаць
неад’емнай часткай беларускай культуры. https://www.beresta.by/pesni-spjavali-vjanochki-zavivali-strong-u-strong-strong-agragaradku-stary-dvorac-zladzili-strong-strong-tradycyjnae-strong-strong-svjata-staradvarjeckaja-sjomuha-gudze-na-sju-vakolicu-strong/