Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Бераставiцкi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
05.06.2023

“Песні спявалі, вяночкі завявалі”. У Бераставіцкім раёне адбылося фальклорнае свята «Старадварэцкая Сёмуха гудзе на ўсю ваколіцу»

4 чэрвеня ў аграгарадку Стары Дворац зладзілі свята «Старадварэцкая Сёмуха гудзе на ўсю ваколіцу», якое з’яўляецца сучасным увасабленнем даўніх абрадаў нашых продкаў па ўшанаванню расліннасці – носьбіту жыватворчай моцы зямлі і сонца. Сёмуха адзначаецца на пяцідзесяты дзень пасля Вялікадня і сімвалізуе канец вясны і пачатак лета. Старадварэцкая Сёмуха з 2009 года знаёміць вяскоўцаў і гасцей аграгарадка з традыцыямі фальклорнага свята. Работнікі філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Стары Дворац пры падтрымцы мясцовага сельгаспрадпрыемства аграфірмы “Стары Дворац” праводзяць гэты прыгожы фэст, каб даць магчымасць усім жадаючым дакрануцца да традыцый продкаў, адчуць асалоду ад беларускай песні і проста прыемна адпачыць. – Уся ўвага нашых продкаў у гэты дзень была скіравана да дрэў як да сакральных аб’ектаў, і самым ушанаваным дрэвам з’яўлялася бяроза , – расказвае пра сэнс свята адзін з яго арганізатараў, культарганізатар філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Стары Дворац Алена Бутрыла. – Бярозе на Сёмуху надаецца асаблівае значэнне, бо яна зелянее раней за іншыя дрэвы і найбольш увасабляе жыватворную сілу зямлі. Яе ставялі на падворках, на ганку, ля брамы, бярозавымі галінкамі аздаблялі сцены хат. Пасля свята гэтую зеляніну захоўвалі на працягу года і верылі ў яе магічную абараняльную сілу. Чыста вымеценыя, пасыпаныя пяском дарожкі на падворках, падлогу ў хатах высцілалі дробна нарэзаным духмяным аерам. На Сёмуху ўслаўлялі росквіт прыроды карагодамі, песнямі і танцамі. А яшчэ гэта свята, якое год ад году ўзнаўляла адвечнае жаданне хлебаробаў мець добры плён ад урадлівай нівы і клопату сваіх рук. Мы імкнемся да таго, каб даўнія народныя традцыі і абрады знаходзілі адлюстраванне ў сучасным жыцці, і пры падтрымцы мясцовай гаспадаркі штогод праводзім сёмушны фэст. Гэта выдатная нагода ўзгадаць мінулае і паказаць, якая багатая ў нас фальклорная спадчына. Жывы фальклор З дапамогай юных удзельнікаў фальклорнага аматарскага аб’яднання «Дударочкі» самыя прыгожыя і відовішчныя абрады “ваджэння куста”, “завівання бярозак” і “кумавання” ажылі на імправізаванай сцэне свята, упрыгожанай галінкамі бярозы і аформленай у стылі старадаўняй сялянскай хаты. Сама віноўніца ўрачыстасці – бяроза – была ўстаноўлена на ганаровым месцы ў цэнтры адкрытай пляцоўкі. Дзяўчаты ўпрыгожылі бярозку стужкамі, зладзілі карагод вакол яе, кінулі свае вяночкі на галінкі дрэўца і загадалі жаданне. Госці свята з задавальненнем далучыліся да дзейства. Падчас абрада “кумавання” дзяўчаты абмяняліся вяночкамі, папрасілі адна ў адной прабачэння,  абяцаючы захоўваць сяброўства і добрыя адносіны. – Мы прыехалі на фэст у Стары Дворац з мамай і дачкой , – дзеліцца ўражаннямі жыхарка г. п. В. Бераставіца Тамара Мініч. – З задавальненнем паўдзельнічалі ў фальклорным абрадзе “завівання бярозкі”. Ён вельмі прыгожы. Можна толькі дзівіцца самабытнай беларускай культуры. Арганізатарам свята хачу сказаць “дзякуй” за прыемныя эмоцыі і за дзейнасць па захаванні старадаўніх традыцый. Беларуская народная На фэсце гучала шмат народнай музыкі і песняў. Сваёй творчасцю з гасцямі свята падзяліліся старадварэцкія артысты – трыо “Верацейцы” і гурт “Гармонія”. Выступілі артысты народнага ансамбля народнай песні “Бераставіцкія музыкі”. Цудоўна ўзнялі настрой жыхарам аграгарадка госці святочнай праграмы – народны ансамбль народнай песні і музыкі «Уладары» Ваўкавыскага гарадскога Дома культуры. Артысты пакарылі гледачоў літаральна з першай песні. У эстраднай частцы канцэрта “Са святам, землякі” прагучалі нумары ў выкананні артыстаў і ўдзельнікаў аматараскай творчасці Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і філіялаў па культурна-дасугавай дзейнасці ў аграгарадках. “У стылі Тіk Tok” Сакавітых фарбаў лета ў гэты дзень дадала забаўляльная праграма “У стылі Тіk Tok” і калор-фэст ад гасцей з Луцкаўлян. Амаль ніхто з юных жыхароў аграгарадка не пайшоў са свята чыстым. Выглядала гэта не толькі весела, але і прыгожа. Дзеці ад душы павесяліліся пад дыскатэчную музыку ў рознакаляровым воблаку фарбаў, а яшчэ далучыліся да танцавальнага флэшмобу.   Эмоцыі, якія выклікаюць яркія фарбы неперадавальныя. Цуды аквагрыму падарыла маленькім гасцям свята майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Дзянішчык. Аквагрым – гэта як раз тое, што дазваляе дзецям пераўвасобіцца ў выдуманага персанажа. Ад такога адметнага макіяжа мясцовая дзетвара засталася ў захапленні. На любы густ На свяце Сёмухі можна было набыць сувеніры ручной работы ад майстроў-рамеснікаў. Увазе вяскоўцаў была прадстаўлена выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці Бераставіцкага Дома рамёстваў, а таксама прыезжых рамеснікаў. Дзейнічала бяспройгрышная латарэя. Не забыліся арганізатары і пра пачастунак традыцыйнымі стравамі –  кашай, выпечкай і гарбатай. Самых маленькіх жыхароў аграгарадка не адарваць было ад дзіцячых атракцыёнаў – горкі, электрамабіляў, батута і іншых забаў. Працавалі гандлёвыя кропкі з попкорнам, салодкай ватай, напоямі і цацкамі. – Свята Сёмуха за час свайго існавання стала візітоўкай аграгарадка Стары Дворац , – гаворыць загадчык сектара культуры Бераставіцкага райвыканкама Наталля Таргонская. – Фэст набыў свой адметны каларыт. Ён мае на мэце захаванне народных традыцый і абраднасці, перадачу культурнай спадчыны падрастаючаму пакаленню. У Год міра і стварэння варта яшчэ раз нагадаць пра неабходнасць адраджэння падобных фальклорных традыцый, паколькі нематэрыяльная культура – самы моцны ідэнтыфікатар, тое, што адрознівае кожны народ, характэрызуе самасвядомасць нацыі. https://www.beresta.by/pesni-spjavali-vjanochki-zavjavali-u-berastavickim-rajone-adbylosja-falklornae-svjata-staradvarjeckaja-sjomuha-gudze-na-sju-vakolicu/ Больше фото по ссылке https://disk.yandex.ru/d/MiHCvCO707QkCg