22.03.2024
Сёння – Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі
Трагедыя Хатыні і тысяч вёсак і гарадоў з такім жа лёсам –
гэта несуцішальны боль у сэрцы беларусаў, гэта рана, якая ніколі не
перастане крываточыць.
Назву невялікай беларускай вёскі Хатынь ведаюць ва ўсім свеце. 22
сакавіка 1943 года яе спалілі разам з жыхарамі. Людзей сагналі ў хлеў на
ўскрайку вёскі і падпалілі. У агні загінулі 149 чалавек.
І што самае страшнае, 75 – гэта дзеці. Самаму малодшаму было 7
тыдняў. Выратаваліся толькі шасцёра дзяцей і адзін дарослы – Іосіф
Камінскі. У гары абпаленых трупаў ён знайшоў свайго сына, той памёр у
яго на руках. Гісторыя, якая на стагоддзі засталася ў камені мемарыяла.
Шасціметровы непакораны чалавек – стары з дзіцём на руках – прататып
Камінскага. Менавіта ён пайменна назаве ўсіх жыхароў вёскі Хатынь.
Практычна ў кожным населеным пункце краіны ёсць абеліскі спаленым
вёскам. У трагічнай статыстыцы ахвяр ваенных гадоў вялікі працэнт за
мірным насельніцтвам. Бераставічына таксама пацярпела ад генацыду падчас
Вялікай Айчыннай вайны. Вёска Верхаўляны была спалена, вёскі Генюшы,
Парэчча, Рымуцеўцы і Казлы разбураны, усяго забіты 634 мірныя
грамадзяніны.
Вёска Верхаўляны стала сястрой Хатыні. Да вайны ў ёй пражывалі 173
жыхары. 20 мая 1942 года фашысты акружылі вёску, арыштавалі ўсіх да
аднаго мужчын і юнакоў – усяго
33 чалавекі – і расстралялі. Нагодай для арышту стала сувязь жыхароў
Верхаўлян з партызанамі. 20 ліпеня немцы зноў наехалі. Людзі былі
падняты на ногі, іх выгналі ў суседнюю вёску Гольні. Вярхаўляны
падпалілі. Жанчыны з дзецьмі засталіся ўдовамі, без жылля і маёмасці.
Трагедыя Хатыні – гэта ўрок для ўсёй сусветнай супольнасці і напамін
аб недапушчэнні гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх дзеянняў.
На Бераставіччыне у Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі адбудзецца
шэраг памятных мерапрыемстваў. 22 сакавіка ў вёсцы Верхаўляны пройдзе
мітынг-рэквіем у памяць аб загінуўшых земляках.
https://www.beresta.by/sjonnja-dzen-pamjaci-ahvjar-hatynskaj-tragedyi/