20.06.2022
Спаборніцтвы маладых сямей, канцэрты, забавы і мора эмоцый. На Бераставіччыне прайшла “Пархімаўская весялуха — 2022”
У суботу, 18 чэрвеня, свята народнага майстэрства, вясковай
абраднасці і добрасуседства “Пархімаўская весялуха -2022” у чарговы раз
запрасіла жыхароў і гасцей аграгарадка правесці час разам, каб
атрымаць мора незабыўных эмоцый.
Святочныя мерапрыемствы праходзілі ў цэнтры Пархімаўцаў — у парку,
дзе была размешчана імправізаваная сцэна і месцы для гледачоў. Пачалося
свята з тэатралізаванага адкрыцця “Сустрэча гасцей з усх валасцей”,
падчас якога народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” і
вядучыя сардэчна запрасілі ўсіх далучыцца да вытокаў вясковых традыцый і
культуры.
Адкрыў свята дырэктар КСУП “Пархімаўцы” Міхаіл Груздзеў, які прывітаў
усіх на пархімаўскай зямлі і пажадаў правесці гэты дзень з цудоўным
настроем.
Святочныя мерапрыемствы пачаліся з раённага этапу рэспубліканскага
сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла – 2022”, у якім за званне
лепшай сельскай сям’і Бераставіччыны змагаліся пяць найбольш
актыўных маладых сем’яў з сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна.
КСУП “Пагранічны-Агра” прадстаўляла сям’я Івана і Таццяны Карповічаў,
КСУП “Малабераставіцкі элітгас” — сям’я Валянціна і Вікторыі Семаковічаў,
КСУП “Пархімаўцы” – сям’я Арцёма і Таццяны Рыжых,
РСУП “Алекшыцы” – сям’я Аляксея і Анжалікі Кудлаш,
а КСУП “Варанецкі” – сям’я Алега Лошака і Наталлі Ярэська.
Яшчэ да пачатку конкурснай праграмы сем’і-ўдзельнікі разгарнулі ў
парку выставы творчых работ і сямейных дасягненняў, дзе дэманстравалі
ўсе свае здольнасці, захапленні і любімыя сямейныя стравы. Дарэчы,
паспрабаваць гэтыя прысмакі і ацаніць майсэрства гаспадынь маглі не
толькі члены журы, але і ўсе жадаючыя.
Конкурсная праграма ўключала ў сябе шэсць відаў спаборніцтва, прычым,
адзін з іх – конкурс відэаролікаў “Лепшы сельскі падворак” быў
падрыхтаваны загадзя, а астатнія пяць праходзілі пад пільным вокам журы і
гледачоў.
У конкурсе “Давайце пазнаёмімся” ўдзельнікі прадстаўлялі візітныя
карткі сваіх сем’яў, у творчай форме расказвалі пра сябе і свае
захапленні. Яны яскрава даказалі, што і на вёсцы можна не толькі жыць і
працаваць, але і творча развівацца.
Першай на сцену выйшла сям’я Алега Лошака і Наталлі Ярэська з
аграгарадка Вялікія Эйсманты. Алег Аляксандравіч працуе ў КСУП
“Варанецкі” трактарыстам-машыністам, а Наталля Генадзьеўна – вядучы
заатэхнік-селекцыянер, у іх сям’і выхоўваецца трое дзяцей: 14-гадовы
Аляксандр, 8-гадовы Ігар і дачушка Настасся, якой 5 гадоў.
У сям’і Рыжых з аграгарадка Пархімаўцы, тата – Арцём Алегавіч –
галоўны інжынер па ахове працы, а мама Таццяна Іванаўна – тэхнік па
ўліку і ідэнтыфікацыі жывёл КСУП “Пархімаўцы”, яны выхоўваюць двух
сыноў: Глеба і Філіпа.
У Валянціна Георгіевіча і Вікторыі Уладзіміраўны Семаковічаў з
Малой Бераставіцы падрастае 8-гадовая дачка Анастасія і 5-гадовы сын
Аляксей.
Сям’я Карповічаў з аграгарадка Пагранічны мнагадзетная: у Івана
Валер’евіча, які працуе трактарыстам-машыністам у мясцовай гаспадарцы, і
Таццяны Анатольеўны трое дзяцей: 6-гадовая Соф’я, 2-гадовы Багдан і
Данііл, якому толькі годзік. Малодшыя хлопчыкі не ўдзельнічалі ў
конкурсе, а вось Соф’я актыўна дапамагала бацькам у выступленні.
Завяршыла конкурс візітак сям’і Кудлаш з аграгарадка Алекшыцы.
Аляксей Леанідавіч — вядучы эканаміст, а Анжаліка Іванаўна –
спецыяліст па кадрах РСУП “Алекшыцы”, у іх падрастае дзевяцігадовая
дачушка Варвара.
Пасля прадстаўлення візітных карткаў сем’і адправіліся ўдзельнічаць у
конкурсе «Дрывасек», дзе муж і жонка распілоўвалі бервяно, потым муж
рубаў дровы, а жонка складала акуратныя паляніцы, і зрабіць гэта трэба
было максімальна хутка.
Затым яны паказалі, як ладзяць са свойскай жывёлай, прадэманстравалі
ўменне распрагаць і запрагаць каня ў конкурсе “Сіўка-бурка”.
У “Сельскай спартыўнай эстафеце” ўдзельнікі конкурсу змагаліся за званне самых спартыўных.
Завяршыў выпрабаванні конкурс “Майстар”, падчас якога таты мелі
магчымасць паказаць, што яны майстры на ўсе рукі, вырубаючы з
дапамогай сякеры дошку-стальніцу.
Падводзячы вынікі конкурсу, начальнік аддзела ідэалагічнай работы,
культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Ігнатовіч падзякавала
ўсім сем’ям за ўдзел у праекце, за іх актыўнасць, творчасць і
імкненне да перамогі, за зарад пазітыўных эмоцый, якія яны падарылі
гледачам, а таксама выказала падзяку КСУП “Пархімаўцы” за дапамогу ў
арганізацыі мерапрыемства.
Алена Уладзіміраўна ўручыла падзячныя пісьмы за ўдзел у конкусе
семьям Лошак і Семаковіч, і ўзнагародзіла граматамі сем’і- прызёры.
Па выніках конкурсу трэцяе месца заваявала сям’я Рыжых,
другое – сям’я Карповічаў,
а пераможцам раённага этапу рэспубліканскага сямейнага праекта
«Уладар сяла-2022» стала сям’я Кудлаш з аграгарадка Алекшыцы, якая і
будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе.
Дарэчы, каштоўныя падарункі для прызёраў конкурсу падрыхтавалі
раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК і раённая
арганізацыя РГА “Белая Русь”, а райкам БРСМ набыў падарункі для ўсіх
дзяцей.
Пасля завяршэння “Уладара сяла” парк аграгарадку Пархімаўцы перайшоў у
распараджэнне дзяцей – тут пачалася дзіцячая музычна-забаўляльная
праграма “Да сяброў у госці”, якую правялі работнікі Бераставіцкага
раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
У час свята працавалі разнастайныя атракцыёны і фотазоны, ішоў
святочны гандаль, запрашала карагод-шоу “Народныя забавы”, працавала
майстравое падвор’е “Умееш сам – навучы суседа”.
Затым у госці да жыхароў Пархімаўцаў завіталі суседзі са Свіслачы —
праграму “Весяліся, не журыся“ прадставілі артысты Свіслацкага раённага
цэнтра культуры і народнай творчасці. якія падарылі гледачам шмат
цудоўных канцэртных нумараў і сабралі шчырыя апладысменты.
Не менш актыўна сустракалі жыхары аграгарадка і ўдзельнікаў
аматарскай творчасці Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай
творчасці і ахвотна падпявалі любімым артыстам.
КСУП “Пархімаўцы” падрыхтаваў таксама спецыяльную пляцоўку “Пархімаўскі фіш-лайт”, на якой гасцей свята частавалі смачнай юшкай.
Яшчэ адным цікавым момантам свята стаў 1-ы этап Кубка Беларусі па
паветранаму бою радыёкіраваных мадэляў, у якім удзельнічалі аматары
авіямадэлявання з Бераставіцы, Гродна і Смалявіч, а таксама паказальныя
выступленні авіямадэлістаў.
Вечарам жыхары і госці Пархімаўцаў з задавальненнем наведалі яшчэ
адну канцэртную праграму – сваё выступленне ім падрыхтаваў кавер-бэнд
«BEACH BOOGIE BAND» з Гродна .
Завяршылася свята дыскатэкай пад адкрытым небам, святочным салютам і сумесным выкананнем песні “Сёння ў нашай хаце свята”.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара