05.09.2026
Свята бульбы, хлеба і песні. У Малой Бераставіцы прайшло брэндавае свята «Бульба-МЭБ»
Традыцыйнае свята «Бульба-МЭБ» сабрала сёння жыхароў і гасцей аграгарадка Малая Бераставіца разам, каб аддаць даніну павагі тым, хто вырошчвае два галоўныя прадукты на стале беларусаў – хлеб і бульбу.
Пачалося мерапрыемства з ушанавання ўдзельнікаў жніва – працаўнікоў, намаганнямі якіх быў сабраны ўраджай гэтага года. З віншаваннямі да хлебаробаў звярнуліся першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама Дзмітрый Ціхановіч, старшыня Бераставіцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Анішчык. Узнагароды Бераставіцкага райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі лепшыя працаўнікі хлебнай нівы.
Дырэктар ААТ «Малабераставіцкі элітгас» Міхаіл Болбат уручыў узнагароды працаўнікам гаспадаркі – пераможцам уборачнай кампаніі ў розных намінацыях.
Асаблівую атмасферу святу надалі бласлаўленні святароў – дэкана Бераставіцкага дэканата, настаяцеля храма Антонія Падуанскага айца Анджэя і настаяцеля прыхода храма святога велікамучаніка Дзімітрыя Салунскага іерэя Міхаіла Лойкі.
У Год беларускай жанчыны на свяце не абышлі ўвагай і працаўніц сельгаспрадпрыемства. Падзяку за стараннасць і адказнасць ім выказалі дырэктар Міхаіл Болбат і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Таццяна Жэнгелевіч, намеснік старшыні Бераставіцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання " Беларускі саюз жанчын». Граматамі і сертыфікатамі за плённае супрацоўніцтва былі ўзнагароджаны дырэктар Малабераставіцкай сярэдняй школы Вольга Гурская і загадчык Малабераставіцкага дзіцячага сада Ірына Пальяноўская.
Безумоўным упрыгожаннем урачыстага адкрыцця сталі выступленні артыстаў Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якія падарылі святочны настрой усім прысутным.
Паколькі “Бульба – МЭБ” – брэндавае свята “другога хлеба”, то і гэтай культуры была аддадзена належная ўвага. На тэматычнай выставе ўдзельнікі мерапрыемства маглі пазнаёміцца з элітнымі гатункамі бульбы, якія вырошчваюцца ў ААТ “Малабераставіцкі элітгас”, і нават зрабіць фотаздымкі з помнікам бульбе.
Яркім момантам свята стала ўрачыстае адкрыццё караоке-бара "Свои" – такі падарунак зрабіў жыхарам і гасцям аграгарадка ААТ “Малабераставіцкі элітгас”. У гаспадарцы спадзяюцца, што бар стане любімым месцам, дзе можна будзе не толькі смачна паесці, сустрэцца з сябрамі, але і адпачыць усёй сям'ёй.
Праграма мерапрыемстваў таксама цікавая і насычаная: выступленні такіх вядомых артыстаў як Зінаіда Фурор, Герман Цітоў, кавер-група “Фіш-дзесерт”, шоў-балет “Феерыя” і бойз-бэнд “Харызма”.
Працуюцьі дзіцячыя атракцыёны, гандлёвыя гады, выставы-продажы вырабаў народных майстроў і фуд-корты.
Завяршыцца “Бульба-МЭБ” вогненна-піратэхнічным шоў і танцавальным вечарам.