10.07.2024
Свята першага снапа “Зажынкі” адкрыла афіцыйны старт уборачнай кампаніі ў РСУП “Алекшыцы”
Сёння ў РСУП “Алекшыцы” прайшло традыцыйнае свята Зажынкі ,
якое стала афіцыйным пачаткам уборачнай кампаніі ў гаспадарцы. На
хлебным полі, дзе калосіцца спелае зерне, сабраліся кіраўніцтва і
работнікі сельгаспрадпрыемства, якія будуць браць удзел у жніве.
На свяце прысутнічалі і ганаровыя госці — старшыня
Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў Павел Панкевіч, старшыня
Бераставіцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў
аграпрамысловага комплексу Уладзімір Анішчык, старшыня Алекшыцкага
сельскага выканаўчага камітэта Мікалай Прымачэнка, а таксама мясцовыя
святары – айцец Сергій і ксёндз Анджэй.
У РСУП “Алекшыцы” ўпэўнены, што да любой працы трэба прыступаць з
добрым настроем, тады і цяжкасцей ніякіх не будзе. Таму ўжо на працягу
многіх гадоў перад стартам жніва ў гаспадарцы праводзяць народнае свята
“Зажынкі” . Работнікі і ўдзельнікі аматарскай творчасці філіялаў па
культурна-дасуговай дзейнасці аг. Алекшыцы і Макараўцы падрыхтавалі
прыгожы абрад, адкрыўшы свята песнямі, якія звычайна спявалі жнеі,
выходзячы ў поле.
Па добрай традыцыі старэйшыя і маладыя жнейкі прынеслі на ўскрай
поля каравай з былога ўраджаю як даніну зямлі і падзяку Богу . А яшчэ
нашы продкі верылі, што якім будзе першы сноп, такім будзе ўраджай і
хлеб на нашым стале.
Жнейкі зжалі першы сноп, упрыгожылі яго і ўручылі яго гаспадару
алекшыцкай зямлі — дырэктару РСУП “Алекшыцы” Валерыю Паўлюкевічу як
сімвал багатага жніва. Валерый Эдуардавіч тройчы падкінуў гэты сноп у
вышыню – каб колас быў высокі быў, а гаспадарка — багатая.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў жніва, Валерый Эдуардавіч, пажадаў усім
моцнага здароўя, дабрабыту і спаўнення ўсіх планаў, даў наказ
выконваць тэхніку бяспекі і захаваць сваё жыццё і здароўе.
Віншаванні з пачаткам жніва, пажаданні спрыяльнага надвор’я і
высокіх намалотаў прагучалі ад ганаровых гасцей свята – старшыні
Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў Паўла Панкевіча, старшыні
Алекшыцкага сельсавета Мікалая Прымачэнкі і старшыні райкама прафсаюза
работнікаў АПК Уладзіміра Анішчыка, які, дарэчы, таксама напомніў аб
ахове працы і заахвоціў хлебаробаў да ўдзелу ў спаборніцтве на жніве,
якое праводзіць прафсаюз.
Затым усіх прысутных арганізатары свята пачаставалі зажыначнымі караваямі.
Перад вялікай і значнай падзеяй у беларусаў ёсць добрая традыцыя –
прасіць благаслаўлення Божага. Таму і на свяце Зажынак у Алекшыцах
айцец Сергій і ксёндз Анджэй у малітве благаславілі ўсіх на новае
жніво і акрапілі святой вадой тэхніку і механізатараў, якія будуць
убіраць вырашчаны хлеб.
Затым наступіў самы хвалюючы момант – механізатары селі за штурвалы
камбайнаў і павялі тэхніку на хлебную ніву. Шлях ад насення да коласа
быў нялёгкім, але цяпер перад хлебаробамі стаіць не менш важная задача –
убраць шчодрыя зожжавыя палі і забяспечыць харчовую бяспеку краіны.
https://www.beresta.by/svjata-pershaga-snapa-zazhynki-adkryla-aficyjny-start-uborachnaj-kampanii-rsup-alekshycy/
Больш фота ТУТ