17.04.2023
У Бераставіцкім Доме рамёстваў адбылося велікоднае свята для дзяцей
Як пазнаёміць дзяцей з народнымі традыцыямі свята Вялікадня?
Вядома ж, праз гульні і творчы працэс. Падчас дзіцячага свята
«Велікодныя забавы», якое адбылося ў Бераставіцкім Доме рамёстваў, госці
ўстановы – вучні Вялікабераставіцкай сярэдняй школы – гулялі ў «біццё
яек» і іншыя традыцыйныя велікодныя гульні, малявалі ўзор на яйках і
частаваліся выпечкай у выглядзе велікодных птушак.
Велікодныя традыцыі вельмі багатыя і цікавыя. Святкаванне Вялікадня –
гэта не толькі ўрачыстае богаслужэнне ў храме, якое выклікае адчуванне
дачынення да цуду і абнаўлення, але і многія народныя гульні, звычаі і
вераванні.
– Гульні, у якія гулялі на Вялікдзень, сёння вельмі рэдка выкарыстоўваюцца ў сучасных сем’ях ,
– распавядае метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры
Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Анастасія
Касьян. – Хіба што толькі біццё яек да гэтага дня карыстаецца
папулярнасцю як велікодная гульня. А дарма, бо гэтыя гульні не проста
цікавыя, але і развіваючыя. Галоўнай забавай велікоднага тыдня былі
гульні з фарбаванымі яйкамі: хто хутчэй скоціць іх з жалабка, пракоціць
носам па стале, хутчэй раскруціць, патрапіць у чыгунок з адлегласці,
перанясе, не выпусціўшы ў драўлянай лыжцы і гэтак далей.
На велікодных забавах у Доме рамёстваў дзеці з азартам уцягнуліся ў гэтыя гульні і знайшлі іх вельмі займальнымі.
Чаму ж велікодныя дзіцячыя гульні – гэта гульні з яйкамі, і адкуль іх вытокі?
– Яйка – сімвал Вялікадня. Аднак не толькі. У народзе частку асвечаных яек бераглі ўвесь год і выкарыстоўвалі як абярэг жылля ад пажару ці пасеваў ад граду , – адзначае Анастасія Касьян. – І
гэта не выпадкова, бо ў многіх народаў менавіта яйка – гэта сімвал
жыцця, абуджэння прыроды, зямлі, сонца. Таму ўсе дзіцячыя велікодныя
гульні з яйкам, якія дайшлі да нас, з яго катаннем па зямлі – гэта
адлюстраванне старажытных вераванняў і абрадаў, звязаных з урадлівасцю
зямлі.
Дзеці даведаліся і пра іншыя традыцыі Вялікадня, а яшчэ размалявалі
паштоўкі-пажаданні ў выглядзе яек і ўпрыгожылі імі вербныя галінкі.
Святлана ГАНЧАРОВА, фота аўтара