17.07.2026
У КСУП “Варанецкі” адсвяткавалі Зажынкі
Сёння ў КСУП “Варанецкі” прайшло традыцыйнае свята Зажынкі, якое
дало старт уборачнай кампаніі ў гаспадарцы. На хлебным полі, дзе
калосіцца спелае зерне, сабраліся кіраўніцтва і работнікі
сельгаспрадпрыемства, якія будуць браць удзел у жніве. Ганаровымі
гасцямі свята сталі Уладзімір Анішчык, старшыня Бераставіцкай раённай
арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, і ксёндз Алег, мясцовы
святар.
Свята Зажынкі праводзіцца у КСУП “Варанецкі” традыцыйна і мае не
толькі сімвалічны, але і матывацыйны сэнс: у гаспадарцы перакананы, што з
добрым настроем любая праца дае лепшы вынік. Таму ўжо не першы год
перад пачаткам жніва тут ладзяць прыгожы абрад, які злучае народныя
традыцыі з рэаліямі сельскагаспадарчага цыкла. Дарэчы, падрыхтавалі яго
работнікі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Цэнтральным момантам абраду стала рытуальная дзея з першым снопам.
Жнейкі зжалі першы сноп, упрыгожылі яго і перадалі дырэктару КСУП
«Варанецкі» Юрыю Ярэмічу – як сімвал шчодрага жніва. У адказ кіраўнік
гаспадаркі тройчы падкінуў сноп уверх – каб колас рос высокім, а
дабрабыт гаспадаркі толькі ўмацоўваўся.
Звяртаючыся да працаўнікоў жніва, Юрый Казіміравіч пажадаў усім
здароўя, дабрабыту і пазітыўнага настрою на ўвесь перыяд уборачнай.
– Гэта будзе гарачы час, – падкрэсліў ён, – таму кожны дзень лічыцца, кожны колас – на вагу золата, трэба прыкласці ўсе намаганні, каб сабраць ураджай без стратаў.
Уладзімір Анішчык таксама павіншаваў хлебаробаў з пачаткам жніва,
пажадаў спрыяльнага надвор’я і высокіх намалотаў. Ён нагадаў пра
важнасць аховы працы і заклікаў работнікаў прыняць удзел у прафсаюзным
спаборніцтве на жніве.
Перад вялікай і значнай падзеяй у беларусаў ёсць добрая традыцыя –
прасіць благаслаўлення Божага. Таму і на свяце Зажынак ксёндз Алег у
малітве благаславіў ўсіх на шчодрае жніво, а таксама акрапіў святой
вадой камбайны і механізатараў – каб работа ішла лёгка і бяспечна.
Потым арганізатары частавалі ўсіх зажыначнымі караваямі – яшчэ адным сімвалам падзякі зямлі і надзеі на шчодры ўраджай.
Ну і нарэшце надышоў той самы момант, якога ўсе чакалі: механізатары
занялі месцы за штурваламі камбайнаў і павялі тэхніку на ніву,
перайшоўшы ад абраду да рэальнай працы. Шлях ад насення да спелага
коласа быў нялёгкім, але цяпер перад хлебаробамі стаіць не менш важная
задача – акуратна і ў тэрмін убраць збожжавыя палі, каб забяспечыць
краіну хлебам.