21.02.2023
У музеі Вавёркі адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы
У панядзелак, 20 лютага, у музеі Вавёркі адбыліся музейныя
заняткі «Родная мова – крыніца натхнення», прысвечаныя Міжнароднаму дню
роднай мовы. У рамках дзейнасці патрыятычнага клуба “Спадчына” ў музей
завіталі маладыя працаўнікі РСУП “Алекшыцы”.
Сустрэча праходзіла ў форме інтэлектуальнага турніру. Але спачатку
дырэктар музейнай установы Наталля Таргонская пазнаёміла гасцей з
гісторыяй узнікнення міжнароднай даты і з найбольш цікавымі фактамі пра
мовы розных краін свету, прапанаваўшы, у тым ліку, паглядзець
пазнавальны відэаролік.
Дарэчы, гісторыя свята сумная. 21 лютага 1957 года ў горадзе Дака,
сталіцы Бангладэша, загінулі пяцёра студэнтаў, якія адстойвалі права
прызнаць родную для іх бенгальскую мову дзяржаўнай. Рашэнне адзначаць
Міжнародны дзень роднай мовы менавіта ў гэты дзень абвешчана ў 1999
годзе ЮНЕСКА з мэтай захавання лінгвістычнай разнастайнасці і шматмоўя ў
сучасным свеце. Цікава, што ў свеце існуе каля 7000 жывых моў. Кожныя
два тыдні “памірае” адна мова, а за ўсю гісторыю знікла ўжо 9000 моў.
Сваё веданне роднай мовы ўдзельнікі турніру праверылі падчас
інтэлектуальных заданняў. Неабходна было на хуткасць перакласці назвы
прадметаў і адгадаць фразеалагізмы па малюнках, назваць беларускіх
паэтаў і пісьменнікаў па назве іх твораў, правільна адказаць на
жартоўныя загадкі.
– Лічыла, што родную мову ведаю нядрэнна, аднак многія заданні прымусілі задумацца, а ці так гэта , – дзеліцца ўражаннямі ўдзельніца сустрэчы Анжэліка Кудлаш. – Пастараюся
ліквідаваць гэтыя прабелы. Нам у спадчыну засталася мілагучная,
песенная і паэтычная, старажытная мова. І на ёй трэба размаўляць.
Паездка маладзёжнага калектыву РСУП “Алекшыцы” ў музей Вавёркі на
музейныя заняткі, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, запланавана ў
рамках Года міру і стварэння.
– Лічу, што паняцці міру, стварэння і любові да роднай мовы вельмі блізкія , – гаворыць намеснік дырэктара РСУП “Алекшыцы” па ідэалагічнай рабоце Алеся Капіца. – Беларускі
народ міралюбівы і працалюбівы, і па гэтых якасцях нас ведаюць ва ўсім
свеце. Нацыянальная мова таксама нас вызначае сярод іншых. Няма народа
без мовы, як і няма мовы без яго носьбіта. Таму ведаць родную мову
вельмі важна.
Святлана ГАНЧАРОВА, фота аўтара