Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Бераставiцкi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
21.12.2020

У Рэзідэнцыю Бераст-Зюзі і Спадарыні Завірухі завіталі першыя наведвальнікі

У пятніцу, 18 снежня, адбылося адкрыццё Рэзідэнцыі Бераст-Зюзі і Спадарыні Завірухі. У дзіцячы аздараўлены лагер “Бераставіцкі”, дзе размясцілася сядзіба беларускага міфалагічнага ўладара халадоў Зюзі, завіталі першыя наведвальнікі. Разам з казачнымі гаспадарамі рэзідэнцыі яны адправіліся ў чароўнае навагодняе падарожжа, у магічны свет зімовых таямніц і сакрэтаў. “Чароўнае люстэрка, ці Неверагодныя прыгоды з Зюзяй” –ужо сама назва анімацыйнай праграмы, якую прапануюць юным гасцям пры наведванні казачнай рэзідэнцыі, настройвае на загадкавы, інтрыгуючы лад. Сустракаючы экскурсантаў каля варот сядзібы, Спадарыня Завіруха і Маці Зямля распавядаюць ім легенду пра чароўнае люстэрка, праз якое відаць увесь навакольны свет, кожную птушачку, кожнага звера, кожнага чалавека, яго добрыя і злыя ўчынкі. Люстэрка нельга разбіць, таму што праз кароткі час свет апынецца ў вечнай цемры і загіне. І вось трэба так здарыцца, што адзін са Злыдняў разбівае люстэрка, а часткі яго надзейна хавае. Каб сустрэцца з Зюзяй, хлопчыкам і дзяўчынкам трэба адолець злых духаў і сабраць разам усе часткі люстэрка. Гульні, конкурсы, танцы: на тэматычных пляцоўках было весела Каб адшукаць часткі люстэрка, юным гасцям неабходна выканаць усе заданні, адгадаць усе загадкі нячысцікаў – Дамавіка, Ваструхі, Лазніка, Хлеўніка, Баламуценя, Жыжа, Гаёўкі і Балотніка, згуляць у абрадавыя гульні і павадзіць карагод з Козачкай, Катом і Палевіком. Гульні на свежай паветры з каларытнымі персанажамі падбадзёрылі хлопчыкаў і дзяўчынак. Ім сапраўды было весела правесці час на маляўнічых падворках рэзідэнцыі. Салодкія пачастункі ад Бераст-Зюзі Дзеці справіліся з выпрабаваннямі міфалагічных герояў. Сабраўшы ўсе часткі чароўнага люстэрка ў адзінае цэлае,  яны вызвалілі ад чар гаспадара сядзібы Зюзю і выратавалі ўвесь свет. Госці рэзідэнцыі прачыталі ўладару халадоў вершы, праспявалі песні і сталі ў карагод вакол галоўнай ёлкі. Сюрпрыз на развітанне – салодкі пачастунак ад Бераст-Зюзі і Спадарыні Завірухі. Прыгоды ўдаліся! Прыгожыя дэкарацыі і яркія касцюмы – казка ажывае У Рэзідэнцыі Бераст-Зюзі пануе чароўная казачная атмасфера з самабытным каларытам. У гэтым пастараліся работнікі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, уласнаручна стварыўшы прыгожыя дэкарацыі, яркія касцюмы і навагодняе ўпрыгожанне пляцовак і пакояў. “Самаробны цуд” і “Чароўная крама”  У неверагодна прыгожым пакоі Спадарыні Завірухі размясціліся экспанаты раённай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнай творчасці «Самаробны цуд». Усе работы намінацый “Парад снегавікоў”, “Калядны сюрпрыз” і “У аб’ектыве Новы год” уражваюць арыгінальнасцю і багатай выдумкай дзяцей і іх бацькоў, гурткоўцаў і іх кіраўнікоў. Удзельнікі конкурсу праявілі неверагодную фантазію і старанне  –  ад  вырабаў не адвесці вачэй. Як і ад інтэр’ера пакояў, над якім на славу папрацавалі работнікі музея Вавёркі. Выстава навагодніх сувеніраў Дома рамёстваў традыцыйна карыстаецца ў наведвальнікаў попытам. Навагодняя тэматыка спрыяе творчасці. А як увасобіць ідэі на практыцы, удала дэманструюць спецыялісты аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. *** Анімацыйная праграма “Чароўнае люстэрка, ці Неверагодныя прыгоды з Зюзяй” праводзіцца толькі для арганізаваных груп па папярэдніх заяўках з захаваннем рэкамендацый санслужбы. Святлана Ганчарова, фота аўтара