13.12.2022
Запрашэнне ў Рэзідэнцыю бераставіцкага Дзеда Мароза, сэлфі з Лесавіком і Кікімарай. У раёне працуе пошта Бераст-Зюзі
Пошта Бераст-Зюзі, ці бераставіцкага Дзеда Мароза, актыўна
працуе вось ужо другі тыдзень. Памочнікі міфалагічнага ўладара халадоў
Лесавік і Кікімара наведваюць установы адукацыі раёна, каб асабіста
ўручыць лісты-запрашэнні дзецям, якія збіраюцца наведаць рэзідэнцыю
Бераст-Зюзі і Спадарыні Завеі. Уручана ўжо звыш трохсот лістоў.
Казачная рэзідэнцыя размешчана на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага
лагера “Бераставіцкі”. Кожны год сюды прыязджаюць шматлікія экскурсійныя
групы. І не толькі з нашага раёна, але і па-за яго межаў.
Сёлета сядзіба бераставіцкага Дзеда Мароза расчыніць свае дзверы 16
снежня. Наведвальнікаў чакае анімацыйная праграма “Зюзя і таямніцы
казачнага лесу”, напоўненая прыгодамі, чараўніцтвам і сустрэчай з
каларытнымі навагоднімі персанажамі.
Імянны ліст-запрашэнне ад гаспадара рэзідэнцыі дорыць дзецям радаснае
прадчуванне свята і служыць прыемным сувенірам на памяць аб наведванні
казачнай сядзібы.
У вобразах памочнікаў Бераст-Зюзі – Лесавіка і Кікімары
лісты-запрашэнні ўручаюць пачаткоўцам раёна супрацоўнікі Бераставіцкай
райбібліятэкі. Яны расказваюць дзецям пра рэзідэнцыю і яе насельнікаў,
суправаджаючы сустрэчы навагодняй гульнявой праграмай.
Атрымаць маляўнічае запрашэнне з рук казачных персанажаў, зрабіць з
імі сэлфі і перадаць фота-прывітанне для Бераст-Зюзі дзецям прыемна і
радасна. А неўзабаве іх чакае яшчэ больш яскравых эмоцый – займальная
экскурсія ў навагоднюю казку, дзе жыве бераставіцкі Дзед Мароз.
Святлана Ганчарова, фота аўтара