06.02.2020
Афіцыйны старт акцыі “Культурная сталіца Беларусі” ў Лідзе дадуць 21 лютага. Гасцей запросяць на музычны спектакль-вандроўку па горадзе
Святы ды імпрэзы ў межах акцыі ўжо ладзяцца ў новай Культурнай сталіцы Беларусі. Але па традыцыі адной з самых грандыёзных будзе афіцыйная цырымонія адкрыцця мерапрыемстваў. Лідчане вырашылі зрабіць не проста канцэрт, а практычна музычны спектакль. І запрасіць гасцей у падарожжа па старажытнай і сучаснай Лідзе.
Распачнецца яно ў фае Палацу культуры. Тут праз адметныя акенцы можна будзе зазірнуць ва ўсе установы культуры горада і пабачыць разынкі і тое, што складае гонар кожнай з іх. Да прыкладу, фестываль “Львенок”, які распачала дзіцячая школа мастацтваў і які сёння мае маштаб рэспубліканскага. Ці белаўзорыстае ткацтва, традыцыю якога захоўваюць майстры цэнтра культуры і народнай творчасці. Дарэчы, гэта традыцыя мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таксама ў фае будзе багата фотазон.Сама канцэртная праграма пройдзе ў форме тэатралізацыі. Прынамсі, такая форма ўжо стала адной з адметнасцяў вялікіх свят у горадзе, і заўсёды прыцягвае ўвагу гасцей.
Гэтым разам арганізатары ставяць сабе мэту, каб кожны глядач падчас канцэрту акунуўся ў атмасферу горада. Таму тэатралізаваная дзея запросіць у падарожжа па горадзе, якое пачнецца ад лідскіх муроў. Гэта будзе знаёмства з мінулым і сучасным жыццём Ліды, яе жыхарамі, помнікамі архітэктуры, яе музыкай і традыцыямі. Расказаць пра ўсё дапамогуць лепшыя дарослыя і дзіцячыя творчыя калектывы раёна, а таксама госці – арт-група “Беларусы”, ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя росы”, шоу-група “Феерыя”, гурт HardWood.
Таксама арганізатары абяцаюць дапоўніць дзею сучаснымі спецэфектамі і ўразіць лазерным шоў, якое адлюструе культурныя асаблівасці рэгіёну і “намалюе” эмблему Ліды – культурнай сталіцы Беларусі-2020.Яркі старт акцыі ў той жа час і абяцанне не менш яркага і насычанага на культурныя падзеі году. Ліда як культурная сталіца краіны стане месцам правядзення самых розных свят і імпрэз, у тым ліку рэспубліканскага ўзроўню. З бліжэйшых варта назваць фінал нацыянальнага адбору на міжнародныя конкурсы XXIX Славянскага базару. Менавіта ў Лідзе ўпершыню назавуць імёны тых, хто прадставіць Беларусь на XXIX Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2020” і XVIII Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск-2020”. Канцэрт пройдзе 14 сакавіка ў Палацы культуры.19 красавіка талентаў чакаюць на праслухоўванні для папулярнага ва ўсім свеце шоў X-Factor.
У маі Ліда прыме Міжнародны фестываль-конкурс міжкультурнага ўзаемадзеяння імя Станіслава Манюшкі. На ліпень запланаваны рэспубліканскі фестываль нематэрыяльнай спадчыны Беларусі, які пазнаёміць гасцей з нематэрыяльнай гсіторыка-культурнай спадчынай краіны, лепшымі фальклорнымі калектывамі, майстрамі народнай творчасці.
grodnonews.by