Настройкі
Настройкі шрыфту
PT Sans
Times New Roman
Памер
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Бераставiцкi
раённы
выканаўчы
камітэт

Навiны рэспублiкi

22 жніўня 2018

XXV Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Іванаве

Юбілейны, 25-ы па ліку, Дзень беларускага пісьменства прыме горад Іванава Брэсцкай вобласці. Галоўным лейтматывам святочных мерапрыемстваў стане тэма «Мая малая радзіма». Традыцыйна канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.

Мерапрыемствы свята

Больш за 80 мерапрыемстваў запланавана ў праграме XXV Дня беларускага пісьменства. Свята пройдзе 1-2 верасня ў Іванава больш чым на двух дзясятках пляцовак. Першы дзень практычна цалкам будзе прысвечаны літаратуры. Так, у раённым музейным комплексе імя Напалеона Орды пройдзе міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў пад назвай «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго». Плануецца, што ў ёй прымуць удзел прадстаўнікі 15 краін. У раённай бібліятэцы імя Панфёрава збяруцца ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі «Іванаўскія чытанні». На гарадской плошчы разгорнуцца павільёны традыцыйнага фестывалю кнігі і прэсы, падчас якога адбудуцца аўтограф-сесіі беларускіх пісьменнікаў, прэзентацыі лепшых выданняў мастацкай, навуковай і дзіцячай літаратуры, пройдзе грамадска-культурная акцыя «Чытаем Купалу разам».

Іванаўскі раённы цэнтр культуры і народных традыцый на два дні ператворыцца ў адну вялікую экспазіцыйную пляцоўку. Тут можна будзе пазнаёміцца ​​з выставай, прысвечанай 400-годдзю першага ў свеце выдання «Буквара», экспазіцыяй галаграм старадрукаваных кніг з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, выставай кніг з фондаў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, дакументальнымі выставамі, прысвечанымі творчасці Я. Коласа, М. Зарэцкага. Увечары ў Цэнтры адбудзецца фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», прысвечанага Году малой радзімы. Таксама 1 верасня ААТ «Белкніга» ўрачыста адкрые ў раённым універмагу кнігарню «Верасень». У гарадскім парку прой­дзе XXII абласное свята-конкурс духавой музыкі «Фанфары-2018» і закрыццё абласнога пленэру разьбяроў па дрэве.

Праграма другога дня пачнецца з адкрыцця ў Іванава памятнага знака «Янава слова», прысвечанага юбілею Дня беларускага пісьменства. І афіцыйная цырымонія адкрыцця свята адбудзецца другога верасня на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы ў гарадскім парку, падчас якой пройдзе ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі і адбудзецца ўрачыстая перадача эстафеты свята пісьменства Слоніму. Ва ўрачыстай частцы мерапрыемства і вялікай канцэртнай праграме прымуць удзел зоркі беларускай эстрады Ірына Дарафеева, Іскуі Абалян, «Беларускія песняры», ансамбль «Бяседа» і іншыя.

Праграма свята таксама ўключае гашэнне памятных маркі і паштовага канверта, майстар-класы па традыцыйных рамёствах і выставу-продаж тэматычнай сувенірнай прадукцыі народных умельцаў. У гонар Дня беларускага пісьменства літаратурна-краязнаўчы музей імя Ф. М. Дастаеўскага падрыхтаваў цэлы цыкл тэматычных экскурсій, прысвечаных біяграфіі і творчасці вядомага пісьменніка.

Важнай часткай Дня пісьменства традыцыйна з’яўляецца рэспуб­ліканская навукова-асветніц­кая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» з Благадатным агнём ад труны Гасподняй, у якой бяруць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі краіны, духавенства.

Прэзентацыя факсімільнага  выдання «Буквар»

Адзначаць юбілей першага беларускага “Буквара” пачалі ўжо з пачатку года. Так, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыліся выставы, якія прадэманстравалі 400-гадовую гісторыю буквароў, а таксама распавялі пра буквар народаў свету.

Больш шырокае святкаванне 400-годдзя «Буквара» запланавана на канец жніўня і пачатак верасня. У прыватнасці, у Дзень беларускага пісьменства і Дзень ведаў адбудзецца прэзентацыя факсімільнага выдання першага беларускага «Буквара», які ўбачыць свет у выніку сумеснага праекта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з бібліятэкай Мідл Тэмпл у Лондане і з пасольствам Беларусі ў Вялікабрытаніі пры падтрымцы шэрагу спонсараў. Рыхтуецца пераклад «Буквара» на сучасную беларускую мову і пераклад даследавання, прысвечанага першай чытанцы.

Дарэчы, у свеце захаваліся толькі два асобнікі першага «Буквара». Адзін з іх, няпоўны, знаходзіцца ў Даніі, у Каралеўскай бібліятэцы. Другі, поўны асобнік – у Вялікабрытаніі, у бібліятэцы Мідл Тэмпл. Сёння невядома дакладна, хто быў ініцыятарам і стваральнікам «Буквара». Найбольш верагоднымі аўтарамі ці складальнікамі кнігі з’яўляюцца вядомыя праваслаўныя дзеячы Мялецій Сматрыцкі і Лявонцій Карповіч. Фінансавую падтрымку выданню аказаў князь Багдан Агінскі.

З акцэнтам  на малую радзіму

На Дні беларускага пісьменства ў Іванаве пісьменнікі прадставяць творы аб малой радзіме.

Галоўны агляд творчых сіл па тэме “Радзімазнаўства” адбу­дзецца 2 верасня. На святочным стэндзе пісьменнікі размесцяць свае лепшыя творы, прысвечаныя малой радзіме.

– Гэта тэма блізкая кожнаму чалавеку. Тым больш пісьменнікі, так ці інакш, у творчасці закранаюць свае вытокі, асэнсоўваюць іх лёсавызначальнае значэнне, – каменціруе ідэю будучай прэзентацыі першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. – Беларуская літаратура грунтуецца на творах глыбока патрыятычных, прасякнутых вялікай любоўю да роднай зямлі, бацькоўскага дому, самабытнай нацыянальнай культуры. Невыпадкова такія прывабныя і сёння творы беларускіх класікаў – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча.

Сапраўды, сучасныя аўтары прымнажаюць багатую духоўную спадчыну нашай краіны. Апошнія дзесяцігоддзі ўвага шырокай пісьменніцкай грамадскасці прыцягнута да тэмы краязнаўства. Пошукава-даследчая работа актыўна ідзе ў розных кутках рэспублікі, у выніку з’яўляюцца новыя разнапланавыя выданні, якія прыадкрываюць для чытачоў невядомыя старонкі гісторыі розных мясцін і біяграфій цікавых неардынарных асоб, якія жылі на Беларусі.

У Бераставіцкім раёне пройдзе  Тыдзень  беларускага пісьменства

У Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М. Кавалеўскага традыцыйна будзе аб’яўлены Ты­дзень беларускага пісьменства.

У рамках Тыдня ва ўсіх філіялах запланаваны кніжныя выставы і адкрытыя прагляды літаратуры пад назвамі “Летапіс пісьмовай культуры”, “Мовы друкаванай чароўныя словы”, “Гісторыя беларускай кніжкі” і “Кнігі-юбіляры 2018 года”.

Акрамя гэтага, у цэнтральнай раённай бібліятэцы чытачоў сустрэне галерэя гістарычных асоб “Галасы з даўніх вякоў: Кірыла Тураўскі, Еўфрасіння Полацкая, Сымон Будны”. Таксама тут пройдзе гістарычны экскурс аб беларускім першадрукары Францыску Скарыне і адбудзецца інфармацыйная гадзіна “Мастацтва беларускай кнігі”.

У філіяле “Дзіцячая бібліятэка” чытачам будзе прапанавана падарожжа пад назвай “Друкаванае слова на Беларусі”. Літаратурнай стане субота 1 верасня ў Масалянскай інтэграванай сельскай бібліятэцы. У Пархімаўскай, Кватарскай, Алекшыцкай, Пагранічнай, Канюхоўскай, Вялікаэйсмантаўскай бібліятэках пройдуць літаратурныя круізы, экскурсы, краязнаўчыя гадзіны, прысвечаныя асветнікам і знакамітым паэтам зямлі беларускай.

Да друку падрыхтавала Святлана Ганчарова
з выкарыстаннем матэрыялаў афіцыйнага сайта Рэспублікі Беларусь
belarus.by,
фота мае ілюстрацыйны характар