24.06.2026
“Бацькава кашуля” – для маленькай прыгажуні. На Бераставіччыне далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Трэці – Бацькаў»
Першай бераставічанкай – уладальніцай «Бацькавай кашулі» – стала
маленькая жыхарка Вялікіх Эйсмантаў Ангеліна Трайгель. Напярэдадні Дня
Незалежнасці сімвалічны падарунак ад Прэзідэнта Беларусі ў рамках
рэспубліканскай акцыі «Трэці – Бацькаў» ёй уручыў старшыня
Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённага аддзялення
Беларускай партыі “Белая Русь” Павел Панкевіч.
Праект «Трэці – Бацькаў» ініцыятывала партыя «Белая Русь» сумесна з
Міністэрствамі працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, юстыцыі нашай
краіны, а таксама канцэрнам «Беллегпрам». Галоўная яго мэта – не толькі
па-асабліваму павіншаваць бацькоў з нараджэннем трэцяга дзіцяці, але і
падтрымаць імкненне беларусаў да стварэння вялікай сям’і, павысіць яе
прэстыж, нагадаць пра нашы нацыянальныя традыцыі і каштоўнасці.
“Бацькава кашуля” – гэта маленькі драўляны куфэрак, у якім знаходзіцца
хрысцільная льняная кашуля з беларускім арнаментам і звязаная з ёй
легенда, – своеасаблівы сімвал сувязі пакаленняў, клопату і надзеі.
– Гэта акцыя пачалася 1 чэрвеня, у Дзень абароны дзяцей, – рассказаў
Павел Панкевіч. – Падчас яе падарункі атрымаюць усе сем’і, дзе
народзіцца трэцяе дзіця. Дзяржава цэніць і падтрымлівае вялікія сем’і,
бо кожны новы грамадзянін – гэта будучыня Беларусі. І зусім не
выпадкова, што яна мае такую назву – «Трэці – Бацькаў», бо Прэзідэнт
Беларусі неаднаразова падкрэсліваў, што кожны трэці нованароджаны будзе
знаходзіцца пад яго патранатам.
Акрамя маленькай Ангеліны, якая нарадзілася 25 мая, у сям’і Веранікі і
Віктара Трайгеляў падрастаюць двое старэйшых дзяцей – сямігадовая Аня і
пяцігадовы Андрэй. Яны таксама разам з бацькамі і нованароджанай
сястрычкай завіталі ў Эйсмантаўскі сельвыканкам, каб атрымаць сімвалічны
падарунак.
Перадаючы «Бацькавую кашулю», Павел Панкевіч пажадаў бацькам, каб іх
дзеці раслі здаровымі, шчаслівым і годнымі грамадзянамі нашай краіны.
– А гэты куфэрак няхай стане сямейнай рэліквіяй, якая будзе
перадавацца з пакалення ў пакаленне, захоўваючы цеплыню бацькоўскіх рук і
памяць аб шчаслівым папаўненні, – адзначыў Павел Мікалаевіч.
– Мы вельмі ўдзячны нашай дзяржаве за клопат аб сем’ях і за такі
кранаючы падарунак, – падзялілася Вераніка Трайгель. – Нараджэнне
Англіны для нас – чаканая і радасная падзея, і вельмі прыемна, што яна
запомніцца яшчэ вось такім хвалюючым момантам.
Дарэчы, Вераніка Іванаўна і Віктар Браніслававіч абое працуюць у КСУП
“Варанецкі”, мама – аператар свінаводчага комплексу, а тата –
трактарыст-машыніст. Яны прызнаюцца, што заўсёды марылі пра вялікую і
дружную сям’ю, у якой заўсёды будуць гучаць вясёлыя дзіцячыя галасы і іх
шчаслівы смех.