Афіцыйны сайт
Адрас:
231778, г.п. Вялікая Бераставіца,
пер. Зялёны, 3
Электронная пошта:
berestrec@mail.grodno.by
Тэлефон: 8-(01511) 2-17-47
Факс: 8-(01511) 2-17-47

З Бераставіччынай лёсам знітаваныя

Бераставіччына багата не толькі на гістарычныя падзеі. Лёсы многіх гістарычных асобаў, дзяржаўных дзеячаў, навукоўцаў, творцаў і спартсменаў звязаны з Бераставіччынай. Гэтая зямля паіла гаючай крынічнай вадой і натхняла да навуковых і творчых пошукаў сусветна вядомых Акадэміка Пецярбургскай Імператарскай Акадэміі навук Восіпа Кавалеўскага, літаратара, актыўнага ўдзельніка паўстання 1830 года Леона Патоцкага, прафесара Віленскага і Пецярбургскага універсітэтаў Ігната Анацэвіча, кампазітара Станіслава Манюшку, які пераапрацоўваў оперу “Галька” ў маёнтку сваёй сястры на Бераставіччыне.

Тут нарадзіўся кіраўнік паўстання 1863-1864г. Кастусь Каліноўскі (в.Мастаўляны, Галынкаўская воласць), пісаў шэраг палотнаў Напалеон Орда, пісаў свае вершы вядомы беларускі паэт – “нашанівец” Янук Дарашкевіч, узлятаў на паэтычны небасхіл з родных Масалян паэт Іван Летка. Ураджэнцы Бераставіччыны працавалі і працуюць міністрамі, навукоўцамі ў Акадэміі навук Беларусі, выкладчыкамі ў вышэйшых навучальных установах рэспублікі.

Менавіта аб іх будуць расказваць матэрыялы раздзела “З Бераставіччынай лёсам знітаваныя...”, якія, спадзяёмся, будуць карысныя для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.

Кветкі на магілу загінуўшага дзядулі... праз 67 гадоў

Гэтага дня многія гады чакала Сівохіна Лізавета Кандрацьеўна, удава не вярнуўшагася з вайны чырвонаармейца Сівохіна К.К. Прызвалі яе мужа Кузьму Какеевіча ў Чырвоную Армію адразу пасля вызвалення Краснапольскага раёна, што ў Магілёўскай вобласці, у верасні 1943 года. Тады яны жылі ў вёсцы Паўлава. Не вярнуўся з фронту чырвонаармеец Сівохін, памёр ад ран 31 ліпеня 1944 года і быў пахаваны ў г. п. Вялікая Бераставіца, што знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці ў Беларусі. А яго шматдзетная сям'я неўзабаве пераехала на Украіну, у Запарожскую вобласць, дзе старэйшыя дзеці ўладкаваліся на працу ў шахцёрскім горадзе Бярдзянску. Таму на ўсе запыты з Вялікай Бераставіцы на імя жонкі салдата Кацярыны Кандрацьеўны ў Краснапольскім раёне адказвалі: «Яна выехала за межы вобласці».

А неўзабаве не стала салдацкай удавы. Падрастала дачка салдата, а потым і яго ўнучка Аксана. Менавіта ім даручыла Кацярына Кандрацьеўна адшукаць салдацкую магілу. У розныя інстанцыі пісалі яны, але адусюль прыходзіў адказ: «Месца пахавання невядомае». І вось у пачатку гэтага года атрыманы ліст з Таварыства Чырвонага Крыжа Расійскай Федэрацыі, у якім паведамлялася, што чырвонаармеец Сівохін Кузьма Какеевіч пахаваны ў Вялікай Бераставіцы. Да гэтага часу не стала і дачкі салдата, таму яго ўнучка Аксана Андрэеўна Драгнева вырашыла выканаць запавет бабулі і маці: пабываць у Беларусі і ўскласці кветкі на магілу дзядулі.

На днях Аксана Андрэеўна Драгнева, якая жыве ў горадзе Наябрску Цюменскага краю, разам са сваім сынам, праўнукам загінуўшага салдата, Аляксеем наведалі Вялікую Бераставіцу, ушанавалі памяць загінуўшага чырвонаармейца Сівохіна К.К. і ўсклалі кветкі на яго магілу. А з сабой яны ўзялі дробку береставіцкай зямлі, палітай крывёю многіх сотняў савецкіх салдат, якія загінулі пры вызваленні Бераставіцкага раёна. Госці з далёкай Цюмені выказалі вялікую падзяку жыхарам Бераставіцы, мясцовым органам улады за ідэальнае ўтрыманне брацкай магілы, у якой спачываюць загінуўшыя салдаты.