Галоўная / Навiны / Навiны раёна
03.08.2024

Пад покрывам вавёрчынага герба. У Вялікай Бераставіцы ўрачыста адкрыўся Бераст-Фэст

Сёння ў Вялікай Бераставіцы  – даўгачаканая  і яркая падзея летняга сезону:  тут праходзіць традыцыйнае брэндавае свята “Бераст-Фэст”. Сёлета яно прысвечана прыгажуні-вавёрцы – сімвалу Вялікай Бераставіцы. Вавёрка – гэта дзіўны і незвычайны звярок, які ўвасабляе не толькі багацце навакольнай прыроды, але і нашу ўстойлівасць і ўменне знаходзіць радасць у простых рэчах. Гэтак жа, як вавёрка збірае запасы, бераставічане збіраюць і захоўваюць багацце нашай культуры, традыцыі і каштоўнасці, перадаючы іх з пакалення ў пакаленне. Нездарма  Бераставіцкі раён з году ў год з’яўляецца лепшым з лепшых у сельскай гаспадарцы. Гэта значыць, што тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы.

І сёння яны – прадстаўнікі працоўных калектываў Бераставіччыны – тэатралізаваным шэсцем «У каранях наша сіла» ў суправаджэнні духавога аркестра прайшлі галоўнай вуліцай райцэнтра да летняга амфітэатра, дзе і адбылося ўрачыстае  адкрыццё мерапрыемства.

Адкрыў фестываль гаспадар бераставіцкай зямлі, старшыня райвыканкама Дзмітрый  Кадргулаў, які павіншаваў прысутных са святам і  пажадаў усім добрага настрою і цудоўнага адпачынку.

Гаспадыня сённяшняга свята – Вавёрка – прапанавала Дмітрыю Рафаэльевічу выбраць арэх з прадказаннем для Бераставіцкага раёна на ўвесь будучы год. Раскалоўшы арэх, старшыня райвыканкама  парадаваў  бераставічан тым, што наш раён чакае залаты, багаты і ўрадлівы год. А фанфары і халодныя бенгальскія агні дадалі ўрачыстасці гэтаму моманту.

У гонар свята Дзмітрый  Кадргулаў  атрымаў ад вядучых мерапрыемства торт, упрыгожаны межамі Бераставіцкага раёну, якія не маюць перашкод для сяброўства, адзінства і росквіту.

Такі ж торт быў уручаны і старшыні Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў Паўлу   Панкевічу.

Затым увазе прысутных былі прапанаваныя тэатралізаваныя блокі, у час якіх жыхарам і гасцям Вялікай Бераставіцы нагадалі загадкавыя і прыгожыя моманты з гістарычнага мінулага бераставіцкай зямлі. Артысты прадставілі легенду пра Бераста і Тавіцу, што лічацца заснавальнікамі нашага мястэчка, а таксама расказалі гісторыю з’яўлення герба Вялікай Бераставіцы, які ўпрыгожвае вавёрка з залатой каронай.

Яшчэ адзін блок — «Вавёрчыны пацехі» – запрасіў бераставічан  атрымаць сапраўдную асалоду ад вавёрчыных забаў  і далучыцца да займальных конкурсаў і гульняў,  якія з’яўляюцца векавой традыцыяй нашага краю.

Не абышлося свята і без добрай песні – бераставіцкія артысты парадавалі гледачоў цудоўнымі канцэртнымі нумарамі, якія ўзнялі настрой усім прысутным.

https://www.beresta.by/pad-pokryvam-vavjorchynaga-gerba-u-vjalikaj-berastavicy-rachysta-adkry-sja-berast-fjest/

Больш фота ТУТ